Яснавяльможны пане (futureal2006) wrote,
Яснавяльможны пане
futureal2006

Ваколіцы Вішнева: сядзіба "Адрованж" і вайсковыя могілкі першай сусьветнай вайны ў Дзясятніках

Пасьля працяглага перапынку вяртаюся да расповеду пра маляўнічы куточак Валожыншчыны - вёску Вішнева і яе ваколіцы. У мінулых артыкулах (http://futureal2006.livejournal.com/6752.html, http://futureal2006.livejournal.com/8373.html) гаворка ішла пра само Вішнева і яго галоўную славутасьць - касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Цяпер жа прапаную пазнаёміцца з бліжэйшым вішнеўскім наваколлем - наведаць сядзібу графоў Храптовічаў "Адрованж" і могілкі жаўнераў першай сусьветнай вайны ў Дзясятніках.


Каб патрапіць у колішнюю паляўнічую рэзыдэнцыю Храптовічаў зь Вішнева, перш-наперш трэба перайсьці на супрацьлеглы ад касьцёла бераг ракі Альшанкі. Тут захаваліся будынкі, якія некалі складалі "гаспадарчую" частку маёнтка Храптовічаў:
Нажаль, у большасьці сваёй гэтыя цалкам яшчэ прыдатныя для выкарыстаньня, складзеныя з бутавага камення пабудовы стаяць закінутыя, без дзьвярэй і шыбаў, пасярод пустазельля амаль у рост чалавека...
У сьцяне аднаго з будынкаў - камень з датай: 1810 год!

Зьвярніце ўвагу: якая муроўка! У рошчыну, якая зьвязвае буйное каменьне, дададзены дробныя каменьчыкі, якія ствараюць своеасаблівы, непаўторны арнамэнт. Такая тэхніка мела назву "муроўка з разынкамі".
Ад "разынак" трэба адмахаць нешта каля 1,5 км да ляснога масыву, у якім і схавалася ад цікаўных вачэй сядзіба "Адрованж".



Канечне, нельга не ўзгадаць знакамітае багдановічаўскае "Няма таго, што раньш было..." Але і ў сучасным напаўразбураным стане, у атачэньні маляўнічых лясных зарасьцяў, сядзіба Храптовічаў пакідае надзвычай прыемнае ўражаньне.


Навакольле сядзібы проста створанае, каб зь яго маляваць пэйзажы)



За савецкім часам у сядзібе месьціўся піянэрскі лягер, а яшчэ раней, у першую сусьветную, графскі дом займаў штаб нямецкай дывізыі. З таго часу побач з домам "дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі" - валун з памятным надпісам, выкананым характэрным гатычным шрыфтам...



Магчыма, што многія з жаўнераў гэтай дывізыі знайшлі вечны супакой зусім непадалёк адсюль - на вайсковых могілках у Дзясятніках, на стромкім беразе Альшанкі...


Могілкі ў Дзясятніках - інтэрнацыянальныя. Побач адзін з адным пахаваныя нямецкія, аўстрыйскія, рускія жаўнеры, а крыху пазьней дадаліся пахаваньні палякаў і чырвонаармейцаў, што загінулі падчас савецка-польскай вайны 1919 - 1921 гг. Падчас знаходжаньня Валожыншчыны ў складзе Польшчы могілкі былі добраўпарадкаваныя - драўляныя крыжы замененыя на аднолькавыя каменныя пліты з польскамоўным надпісам. Зараз пахаваньні выглядаюць гэтак:
Галоўнай адметнасьцю могілак у Дзясятніках з'яўляецца наяўнасьць мэмарыяльнай капліцы-помніка, пабудаванай у гонар нямецкіх жаўнераў, якая, тым не менш, у выдатным стане захавалася да сёньняшніх дзён!





За помнікам пачынаюцца ўжо звычайныя вясковыя могілкі.
Адначасова з помнікам была зробленая агароджа вакол вайсковых могілак.


На маю думку, Дзясятнікі - адзін з найбольш цікавых мэмарыялаў, прысьвечаных першай сусьветнай вайне. У наступным годзе спаўняецца роўна 100 гадоў зь яе пачатку. Лічу, што гэта добрая нагода наведаць зьвязаныя з гэтай вайной мясьціны, у тым ліку і гэтыя могілкі, і аддаць даніну пашаны памяці спачылых ваяроў.
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 1 comment